Палескія рабінзоны - Мавр Янка - Страница 19
- Предыдущая
- 19/33
- Следующая
І сапраўды, справа была такая цікавая, што нават Мірон не хацеў ужо ісці адгэтуль.
Здалёк грэбля здавалася абы-як накіданай кучай, а зблізку выявілася, што ўнізе галлё шчыльна пераплецена, нават замазана зямлёй, і вада затрымлівалася як след.
Такія самыя былі і іхнія хаткі. Ад зямлі (у вадзе) яны ўздымаліся не меней, як на рост чалавека. Верхнія пласты галля здаваліся наваленымі абы-як, але чым глыбей, тым лепей яны былі апрацаваны, пераплецены і замазаны.
– Бачыш, вунь пад вадой чарнеецца дзірка, – тлумачыў Віктар. – Гэта іхні ўваход. Такіх уваходаў некалькі. А самі яны жывуць на другім паверсе, куды вада не даходзіць.
– Значыцца, цяпер яны сядзяць у гэтых стажках? Цікава было б злавіць, каб паглядзець бліжэй.
– Не, брат! Гэта нялёгкая справа. На тое ў іх ёсць некалькі выхадаў.
– А можна іх есці?
– А ты ўсё з харчовага пункту погляду разглядаеш! – засмяяўся Віктар. – Не чуў, каб іх елі. Не гэтым цікавяцца, а іх футрам ды яшчэ нейкай «бабровай струёй». Кажуць, нейкія лекі.
Яны ўважліва разглядалі будоўлю, абышлі ўвесь участак і каля другога берага, сярод зарасніку, убачылі чацвёртую хатку. Яна была пабудавана на карчы, і вада ледзь дакраналася да яе фундамента. Трэба было ступіць толькі крок з берага, каб апынуцца на версе гэтай хаткі. Хлопцы зараз жа і ўзлезлі на яе.
Яны зусім не чакалі, што пабудова будзе такой моцнай: яна лёгка вытрымала двух чалавек. Цікава было думаць, што пад іх нагамі сядзяць бабры. Але Віктар выказаў думку, што, мусіць, яна пакінутая, бо на ёй ляжыць старое галлё, у той час як на іншых ёсць свежае, нядаўна згрызенае.
– Яны кожны год рамантуюць свае хаты, – казаў Віктар. – Можа, цяпер зробім засаду, каб падпільнаваць іх?
Знайшлі адпаведнае месца, сушэйшае і гусцейшае, схаваліся і пачалі чакаць. Прайшло з паўгадзіны, гадзіна, а бабры не паказваліся.
– Мусіць, яны напалохаліся нашага шастання, – прашаптаў Віктар. – Наогул, удзень яны не любяць выходзіць, а цяпер тым больш.
– У такім разе не варта болей і сядзець, – падхапіўся Мірон. – Лепш за гэты час пойдзем па сваёй справе. А сюды прыйдзем заўтра, ціхенька, каб іх не спужаць.
Думка была слушная, і Віктар мусіў з ёю згадзіцца. Пайшлі далей вакол вострава. На гэты раз справа спрашчалася тым, што не трэба было абследаваць ні ўсходняга боку ад возера, ні заходняга – ад другога вострава. Нават з паўночнага боку заставалася толькі палова, бо другую, як было вядома, таксама атачала возера. Заставаўся, такім чынам, толькі паўднёвы бок.
За яго і ўзяліся. Але як ні стараліся, як ні соваліся наперад, – нідзе не маглі выйсці.
– Якім жа чынам той чалавек прабраўся? – дзівіліся хлопцы.
– А можа, гэты недакурак якім-небудзь іншым спосабам трапіў сюды? – выказаў думку Мірон.
– Можа, варона на хвасце прынесла? – насмешліва сказаў Віктар.
– Чаго смяяцца? – сур'ёзна адказаў Мірон. – Калі ніякага іншага тлумачэння няма, дык можна падумаць, што якая-небудзь птушка несла ў сваё гняздо ды згубіла. І гэтае дапушчэнне зусім не горшае за тое, што вось нейкі чалавек чамусьці караскаўся праз балота, рызыкаваў жыццём, убачыў жыллё людзей, пастаяў, пакурыў і павалокся назад.
Разважанні Мірона таксама мелі рацыю. Віктар зусім збянтэжыўся.
– Няўжо ж прыйдзецца ўсур'ёз згадзіцца, што гэты недакурак сапраўды варона на хвасце прынесла? – сказаў ён.
– Я гэтага не кажу. Я толькі зазначаю, што і такое тлумачэнне не горшае за іншыя. Так або іначай, а трэба рыхтавацца да жыцця тут, прынамсі, на некалькі тыдняў. Улетку, безумоўна, дзе-небудзь падсохне настолькі, каб выбрацца.
– Тады лепш рабіць кладкі. За гэты час можна накідаць галля і дрэў гэтулькі, што па іх лёгка будзе прапаўзці.
– А гэта думка добрая! – ажывіўся Мірон. – Гэтак і пачнём рабіць. Нават можна ў баброў пазычыць дрэвы, бо самі мы не здолеем так іх ссячы.
План гэты спадабаўся абодвум і значна супакоіў іх. Гэткім чынам яны самі маглі дзейнічаць і набліжаць сваё выратаванне, а не сядзець, чакаючы, пакуль прырода зробіць ласку і падсушыць балота. Адной думкі аб такой магчымасці было досыць, каб энергія ў хлопцаў падвоілася. Віктар адразу ж загарэўся і пачаў марыць:
– Калі мы кожны дзень будзем падкідаць галля, то можна зрабіць такую грэблю, што па ёй нават ехаць можна будзе.
– Не надта захапляйся, – сказаў Мірон. – Як толькі станеш, то твая грэбля праваліцца.
– А я стаяць не буду, – храбрыўся Віктар. – Абы толькі дакрануцца нагой. Не паспее галіна падацца, як нага мая пераскочыць далей.
Разважанні былі слушныя. Хлопцы прыгадалі, як ім даводзілася перабягаць раку па тонкім лёдзе, які трашчаў пад нагамі і, напэўна, не вытрымаў бы чалавека, каб той спыніўся на месцы. Гэтаксама можна перабягаць па вадзе па дошках, хоць стаць на іх нельга.
Калі ўсё абгаварылі і цвёрда пастанавілі зараз жа прыняцца за работу, Мірон спыніўся, паківаў галавой і сказаў:
– Ну і наплялі мы з табой глупства!
– Якога?
– Каб хто накідаў нам галля зверху, то, можа, і сапраўды мы маглі б перабрацца па ім. А калі мы самі пачнём хадзіць туды і сюды ды насіць галлё, то ўсё і затопчам у балота пры першых кроках.
– Ясна! – сказаў Віктар. – Цяпер буду фантазіраваць толькі тады, калі добра абдумаю пытанне.
Яны ціха пайшлі напрасткі да сваёй хаты. Хоць думкі іх былі далёка адсюль, але па прывычцы яны пільна прыглядаліся да кожнага куста, да кожнага кутка. І пад адным кустом заўважылі нешта светла-шэрае.
Угледзеліся – заяц! Сядзіць сабе і глядзіць на іх, вылупіўшы вочы. Праўда, ветрык дзьмуў акурат з яго боку, так што ён мог іх і не ўчуць. Але ж затое бачыць павінен быў.
– Мусіць, спіць, – сказаў Віктар. – Паспрабуем падкрасціся.
І яны пачалі красціся так ціха, што нават адзін аднаго не чулі. Толькі сэрца калацілася моцна-моцна. Крок за крокам пасоўваліся наперад. Вось ужо заяц відаць зусім выразна. Ляжыць на жываце, падкурчыў ногі, вушы натапырыў, а сам глядзіць хлопцам у вочы. Нават нейкі жах ахапіў таварышаў.
Чым бліжэй, тым больш хваляваліся яны. Вядома, ён зараз ускочыць і ўцячэ! Але заяц не рухаўся…
Апошнія пяць крокаў для хлопцаў былі такімі пакутнымі, што нават бадзянне па балоце (як яны казалі потым) здавалася ім лягчэйшым. Нявыказаная напружанасць, надзея, жах, што вось-вось уцячэ, зноў надзея, боязь, што пад нагою ў каго-небудзь з іх хрусне галінка, – усё гэта было надзвычайна цяжкім перажываннем.
Вось Мірон замахнуўся дубінай – і заяц забіты…
– Эх! – вырвалася ў абодвух хлопцаў, нібы яны перанеслі вялікі цяжар.
– Якім чынам гэта магло здарыцца? – не верыў сваім вачам Мірон.
– З імі гэта здараецца. Мая бабуля казала, што аднаго разу, калі збірала ягады, дык яна сама натрапіла на такога зайца. Але чамусьці яна пабаялася хапаць яго голымі рукамі і пачала адвязваць фартух. Заяц прачнуўся і ўцёк.
Вялікая была радасць хлопцаў, але не меншыя былі і скаргі на тое, што няма нажа, калі прыйшлося зайца разбіраць.
– Дзіўная рэч! – заўважыў з гэтага поваду Мірон. – Кожны раз мы скардзімся на гэта тады, калі трэба радавацца, калі ёсць што есці. А калі няма чаго есці, мы не скардзімся.
– А ты ўсё мудрагеліш ды філасофію разводзіш з кожнага глупства, – упікнуў Віктар.
XV
Бабровая гаспадарка. – Неспадзяваная небяспека. – Збаўцы-ворагі. – Чужыя гаспадары. – Рэшткі ад чужога стала. – Сур'ёзная памылка.
Такім чынам высветлілася, што ў бліжэйшыя дні няма чаго спадзявацца на вызваленне. Некалькі часу яны маглі пра гэта не думаць. А запас спажывы дазваляў ім дні са два адпачыць. Гэтае становішча скарыстаў Віктар і прапанаваў, не адкладваючы, на другі ж дзень, ісці наглядаць баброў.
– Толькі, брат, запасіся цярплівасцю! – папярэдзіў ён. – Бо прыйдзецца сядзець і не варушыцца, можа, некалькі гадзін. Абяцаеш?
– Ды ўжо ж! – адказаў Мірон, бо ён і сам цікавіўся не менш за свайго таварыша.
- Предыдущая
- 19/33
- Следующая