Выбери любимый жанр

Хрыстос прызямліўся ў Гародні - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч - Страница 92


Изменить размер шрифта:

92

— Басяцкі. А што будзе, калі мы грошай са стала не прыбяром? І той зразумее?

Дамініканец аглядаў яго. Пасля холадна паціснуў плячыма:

— Прэнг.

Дзверы зачыніліся за ім.

Усе як быццам чулі ўсё бліжэй і бліжэй крокі Хрыста, але, магчыма, гэта ўсяго толькі тахкалі іхнія сэрцы. Мацней і мацней. Мацней і мацней. Урэшце здрыганулася рука ў Баўтрамея. Ён не вытрымаў. Не думаючы пра тое, што будзе, калі астатнія не прыбяруць грошай, схапіў манеты, пачаў прагна рассоўваць іх па кішэнях. Працягнулася па грошы другая рука.

Рыпнула фортка. І тут дзевяць рук бліскавічна змялі срэбра са стала ў торабкі. Засталася адна грудка. Перад Іліяшам. Цыганаваты Сымон з трыумфам глядзеў вугальнымі вачыма на збялелыя твары хаўруснікаў. Абводзіў іх вачыма, нібы ацэньваў. Бачыў ва ўсіх вачах жах, сквапнасць, тупую прыціснутасць.

Адчыніліся дзверы. Хрыстос абцёр ногі аб жорны перад парогам і ступіў у пакой.

На стале былі пляшкі, бачонак, місы. Грошай на стале не было.

— Хадзіце гарэлкі дзербаніце, ці што, — сказаў Іліяш-Сымон.

Фама, Іуда і Хрыстос падселі да стала. Пачалі есці. Елі многа і ладна, але без сквапнасці. Вельмі згаладаліся за дзень беганіны.

— А гарэлачкі? — лісліва спытаў Пятро.

Нешта ў тоне ягонага голасу не спадабалася Хрысту. Ён абвёў вачыма апосталаў, але нічога асаблівага не заўважыў. Твары як твары. Медныя, у рэзкіх ценях. І вялікія крывыя цені рухаюцца за імі па сценах, запаўзаюць калматымі — з кацёл — галовамі на столь.

— Н-ну? — спытаў Хрыстос. — Не, Пятро, гарэлку адстаў. Гэтак і горад прап'ём. Піва глыток плескані.

Цень на сцяне піў з вялізнага глінянага куфля.

— Дык што? Седзіцё? Морды мочыце? А рукі ў баі замачыць чырвоным — гэта вам страшна? А ў глей іх запэцкаць на ўмацаваннях — гэта вам гідка і цяжка?

Маўчанне.

— Што рабіць будзем? Морды вам чысціць? За муры выганяць у рукі ворагам?

Твар быў суровы.

— Я разумею, хлопцы, — трохі больш стрымана сказаў Хрыстос. — Вам лезці на ражон да канца не хочацца. Вас, калі схопяць, можа, і пашкадуюць па справах вашых. Скажам, не на палю пасадзяць, а ў каменны мех да скону. Усё ж жыццё. Вы не тое, што я. Вас яны не могуць да канца ненавідзець, а мяне ненавідзяць, бо я сведчу аб іх, што справы іхнія злыя. Што ўсе запаветы чалавечыя яны падмянілі адным, дзесятым: «Паважай здраднікаў, і добра табе будзе».

Глядзеў на патупленыя галовы:

— І ўсё ж апошняе маё пытанне. Будзеце вы ваякамі за праўду ці так і пакінуць вас у прапойцах і зладзеях? Будзеце са мной? З імі?

Пятро бегаў вачыма па хаўрусніках. Рашыўся:

— Вядома, з табою.

— Ты не сумнявайся, — падтрымаў яго Баўтрамей.

— Кінь, — загулі галасы. — Чаго ўжо… З пачатку ідзём… Ты на той свет, і мы ўслед.

Братчык абводзіў позіркам твары. Людзі стараліся глядзець яму ў вочы, і кожны іншы, не такі прастадушны, заўважыў бы, што яны стараюцца. Але гэты не заўважыў, і, акрамя таго, яму хацелася верыць.

— Добра. Збірайцеся. Зараз жа рушыце цягаць камяні на забрала. А ты куды, Тумаш? Нацягаўся, здаецца?

— Я да брамы. Там і пасплю недзе, — і Фама выйшаў з хаты.

Апосталы пачалі збірацца. Толькі Іуда зняў поршні, адсунуў з краёчка стала місы, паклаў на яго сшытак са сваімі запісамі, скінуў плашч і зрабіў з яго на лаве падабенства падушкі. Пазяхнуў:

— А я тут лягу… Прабач… Я паспею…

— Вядома, — сказаў Хрыстос. — Дзве ж ночы не спаў. Прыдрамні. Разбуджу раніцаю.

Іуда, не раздзяваючыся, лёг на лаву. Ледзь толькі галава ягоная апусцілася на скрутак, ён заснуў. Нібы ў цёмны, глыбокі вір апусціўся. Нібы рынуў у бездань.

— Ну, дык хадзем, — сказаў Хрыстос. — Працаваць будзеце, як валы. Памятайце, далі слова.

— Вядома, — сказаў Пятро.

І зноў нешта няшчырае патрызнілася Хрысту ў ягоным голасе.

— Глядзіце толькі, каб мне не давялося сказаць: адзін з вас сёння н е здрадзіць мне.

Прарэзліва і свежа пачалі крычаць над сонным горадам першыя пеўні. Людзі выйшлі. Іуда спаў каменным сном. І тут зноў адчыніліся дзверы, і ў шчыліну асцярожна прасунулася гарбаносае, у сетцы буйных жорсткіх зморшчын, аблічча Мацея.

— Раввуні, — шэптам паклікаў ён. І пасля сказаў галасней: — Раввуні.

У пакоі чуваць было толькі соннае, роўнае дыханне.

І тады Данель падышоў, асцярожна ўзяў са стала рукапіс, выйшаў на дыбачках і зачыніў за сабою дзверы.

Пераклічка пеўняў усё яшчэ трывала. Крычаў адзін. Адказваў яму хрыпатым басам суседні. Яшчэ адзін. Яшчэ. Зусім здалёк танюткай нітачкай голасу азываўся яшчэ нейкі. Кожны чарговы крык выклікаў меладычную лавіну гукаў.

Крычалі першыя пеўні над горадам. Людзі праз сон чулі іх і не ведалі, што другіх пеўняў шмат хто не дачуецца.

РАЗДЗЕЛ ХLV САД ЛЯ КАЛОЖЫ

Таму што корань усіх зол ёсць срэбралюбства.

Цімахвею, гл. 6, ст. 10

Дзесьці мае дзеці ў любові жылі,
Раслі, раслі, пахіліліся,
Цераз цэркву сушчапіліся.

Беларуская песня

Над зямлёю панавала месячнае святло. Беленыя сцены дамоў здаваліся пяшчотна-блакітнымі. Густы блакіт панаваў на плыні недалёкага Нёмана. Серабрылася і сінела лістота дрэў. Месяц у вышыні быў светлы, як трон Божы, такі светлы, што балюча было глядзець на яго. І толькі рэдкія зоры можна было разгледзець на празрыстай сіні небасхілу.

Яны ішлі каля мура, што абкружаў Каложу. Чорныя цені на блакітным.

— Чаму б табе не ўцячы некуды, — зрабіў апошнюю спробу Сымон-Кананіт. — Уцёк бы некуды, дзе не так страшна. Ёсць жа краіны…

Хрыстос зірнуў на яго. Твар быў блакітны.

— Ёсць. Сапраўды лягчэй. Прынамсі, казаць больш можна. Але ты, Сымоне мой, не разумееш аднаго. Тут, у агульным свінстве, цяжэй… але затое і гонару больш. Што яны ведаюць, тыя смаркулі, аб нашых безданях? Ды яны і тысячнай долі таго нават не зазналі, што мы ў княстве Беларуска-Літоўскім. Раз ужо я з'явіўся на зямлю — я стану тут. Біцца буду не на жыццё, а на смерць. Казаць буду пра тое, што ёсць Чалавек і якое месца яго на Зямлі і ў Сусвеце, дзе, пэўна, ёсць шчаслівейшыя. Пра Мужнасць, пра Здзек, пра Веды, пра Доблесць казаць буду, а не пра тое, што «Лаура ўпала ў Луару». Ах, жах які! Ах, слёзы! — Твар Хрыстоў зрабіўся злосны. — А святой службы яны не нюхалі? А вогнішчаў? А тысяч замучаных не бачылі? І таксама яшчэ лічаць, што цяжка жывуць. Ну, не. Гонар тут, цяжар тут, значыцца, і жыццё тут. Іншага народа дзеля мяне цяпер няма.

— Памрэш, — сказаў Іліяш.

— Там мог бы жыць, балбатаць тое-сёе. Тут — мабыць, памру. Але затое тут мая праўда: бойка з храмоўнікамі, сеча з самім Сатаной.

Іліяш зразумеў, што ўсё дарэмна. Трэба было даваць лататы. З гэтым кашы не зварыш. Бач, твар які.

— Нешта цяжка ў мяне на душы, — сказаў Юрась. — Душа смуткуе, тужыць смяротна. Пасядзіце тут, хлопцы, пачакайце мяне трохі. Я да Нёмана пайду, вырашыць мне нешта трэба, і сам не ведаю што… Толькі — нельга мне без гэтага.

— Чаго ж, пасядзім, — сказаў Пятро.

— Гэна… чаму не.

Яны селі на траву пад мур. Братчык адчыніў фортку і зайшоў у царкоўны сад.

— Вертаград маці царквы нашай, — сказаў Сымон. — Заблукаеш — крыўдуй на сябе.

Калі крокі заглухлі ў нетрах, ён ускочыў і махнуў рукой:

— А зараз — давай. Давай-давай. Каб аж пяткі ў азадак стукалі… Як калі б каня ўкралі.

Яны кінуліся бегчы з усіх ног. Зніклі. Пастаяў у паветры і асеў блакітны ад месяца пыл.

Пераклікаліся пеўні. Хрыстос ішоў між дрэў, адводзячы галіны, і лістота нібы плакала блакітам: падала раса.

Каложа ўстала перад ім у месячным ззянні такая простая, такая дасканалая, што перахапіла дых. Бліскучы купал, срэбна-сінія шкельцы ў вокнах барабана, паласатыя, аквамарын у чэрнь, муры. Усё густое, нават у ценях чорнае ў зелень, як пяро качара. Аранжавым, — кубавым, зеленаватым, вясёлкавым ззяюць на мурах пліты і крыжы з маёлікі.

92
Перейти на страницу:
Мир литературы

Жанры

Фантастика и фэнтези

Детективы и триллеры

Проза

Любовные романы

Приключения

Детские

Поэзия и драматургия

Старинная литература

Научно-образовательная

Компьютеры и интернет

Справочная литература

Документальная литература

Религия и духовность

Юмор

Дом и семья

Деловая литература

Жанр не определен

Техника

Прочее

Драматургия

Фольклор

Военное дело