Выбери любимый жанр

Хрыстос прызямліўся ў Гародні - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч - Страница 73


Изменить размер шрифта:

73

— І тут страляць хочаш? Не навучылі цябе? Нават калі… Ну, страляй.

Жаласна звякнула падмоклая цеціва. Страла ўпала каля чоўна, рыбкаю ўвайшла ў ваду, усплыла і захісталася стоячы.

— Смерць несла, — сказаў Хрыстос. — Як ты. А цяпер? Вось усе вы так, моцныя, калі ўстае на вас зямля і вада. — І з нейкай прагаю зашаптаў: — Слухай, біць цябе брыдка. Слухай, скончым справу мірам… Дасі слова не прыходзіць — пушчу.

Хан плюнуў.

— Пажыральнік падлы! Тут не толькі мае! Тут ляжаць і твае. У сына вялікае войска. Насцярожаны, ён не трапіць у пастку, як я. Усё адно канец табе. Здавайся! Даю адно слова: не заб'ю цябе, нават рабу вушэй не пракалю.

Заплюшчыўшы вочы, Хрыстос спусціў стралу, і яна ўвайшла Марлоры ў лоб.

…Над возерам дагарала лютае вынішчэнне.

Дачуўшыся аб разгроме і смерці бацькі, мурза Сялім аддаў смерці дрэннага вестуна і вось ужо чацвёртыя суткі адыходзіў, кружляў, не ўвязваючыся ў бойку, адрываўся, рабіў ложныя выпады, праходзіў бокам і нападаў на вёскі, паліў мястэчкі.

Крымчакі зарэзалі ўвесь палон, перарэзалі захопленыя чароды, залаты луп распіхалі па саквах. Ідучы паўз лясы, імкнуліся пусціць палы.

І ўсё ж Братчык, у якога паўсюль былі вушы, няўхільна наздаганяў, знаходзіў, цясніў усё яшчэ магутныя і пагрозныя рэшткі арды. Іх і цяпер было толькі трохі менш, чым праследавацеляў. Але ў беларусаў было мала конніцы, не ўсе былі ў латах (даволі невялікія татарскія кальчугі лезлі далёка не на ўсіх высокіх сабою лясных людзей). Не з лепшых была і зброя.

Няма чаго было і думаць узяць хітрасцю яшчэ і гэтых. Даводзілася шукаць адкрытага бою, і сэрца Хрыстова балела пры думцы аб тым, колькі будзе забітых (ён ужо ўсё ведаў ад Магдаліны аб Анеі, і ад гэтага было яшчэ горш). Але як бы ні балела сэрца, ён бачыў, што без сечы не абыдзешся. Не кінулі б зброі самі людзі, задзертыя за жывое спусташэннем, крыўдай і забойствамі. Усе нібы моўчкі вырашылі: не выпускаць.

Урэшце яны самі пачалі паліць лес і перастаялыя сухія травы.

Малыя атрады рассыпаліся наперад, каб падпальваць там, дзе арда магла прарвацца. Адразаючы дарогу агнём, прымушаючы арду зварочваць туды, дзе ёй не трэба было, раць паступова сцягвала вакол крымчакоў агнявую пятлю.

Людзі ішлі чорныя ад дыму, толькі зубы ды вочы блішчэлі. Паўсюль дзень і ноч, дзень і ноч палалі лясы, і нізка вісела над зямлёй засмужанае, спякотнае неба.

Урэшце ім удалося зацягнуць мех. Яны прыціснулі мурзу Сяліма да Нёмана, ля вёскі Бяроза. На тым баку таксама, як і на гэтым, з бакоў зырка гарэлі лясы і курэлі балоты. Ісці ракой Мурза не рызыкнуў. Помніў, чым скончылася хрышчэнне на возеры.

Ён не баяўся. Ягоныя людзі не адставалі: адстаць азначала памерці. А людзі Хрыста, сцёршы ногі ці знясілеўшы, ахвотна заставаліся сярод сваіх. Куды лепей узброены, хаця і роўны па колькасці людзей ворагу, татарскі загон ведаў, што пераможа.

Яны не ўлічылі гневу і жадання перамагчы ў сэрцы гаспадароў зямлі. Калі раніцай зноў узнік на шырокім полі белы ланцуг і зноў загучала «Багародзіца», яны зразумелі, што не той гэта ланцуг і не той харал. Там стаялі сотні, што хацелі памерці. Тут ішоў народ. Іуда сказаў з гэтай прычыны, што Бог памагае толькі тады, калі паможаш ты сабе сам.

Хрыстос наперадзе ланцуга — быў народ. Іуда з вечным сваім сувоем і сцілом — быў народ. Фама з двухручным мячом, роўным яму па даўжыні, — быў народ. Народ, які рухаўся, ашчацініўшыся дзідамі. І калі ўзвіўся над радамі крык, яшчэ да таго як татары і беларусы сутыкнуліся, Сялім зразумеў, што ён загінуў.

…У чатырохгадзіннай лютай сечы беларусы ўзялі поле. Узялі вялікай крывёй, але не выпусцілі з яго ніводнай душы.

У гэтым не было суцяшэння. Не было суцяшэння ў тым, што і тыя загінулі, бо і тыя былі людзі, і шмат у каго з іх была толькі сапрэлая сарочка пад кальчугай. Бо і над тымі быў свой Лотр і патрэба штодзённа даводзіць, што ты адданы ханству і яму. Яны проста шукалі свой кавалак ежы. Шукалі не там, дзе трэба, а там, куды вяла іх шабля, занесеная над галавой.

…Цяпер пра гэта можна было думаць. І Юрась думаў, разглядаючы клейну, якую трымаў у руках. Вось гэта абяцаў яму на лоб Марлора. Замест гэтага сам атрымаў стралу ў лоб.

Між броваў у Юрася была доўгая зморшчына. Учора яе яшчэ не было. Ён быў той самы, але большасць апосталаў і Магдаліна відавочна пачыналі яго пабойвацца.

Пад вечар праз натоўп прывялі на аркане Сяліма. Ён не паспеў прарвацца далёка.

Але яшчэ да таго, як Хрыстос пачаў гаварыць з ім, перад Юрасем сталі выбраныя ад мужычай раці і папрасілі адпусціць іх. Лета хілілася на восень, хаты былі спаленыя, нівы выбітыя, ворагаў не было. Трэба было паспець падабраць хаця тое, што не вытапталі, ды паспець выкапаць сякія-такія зямлянкі.

— З азімінаю, думаю, не спазніліся… Сеяць трэба. Мужыкі мы.

— А дадуць вам гэта зрабіць? — спытаў Хрыстос.

— Павінны б… Але ўсё адно… Зямля кліча… Патрабуе: «Сеяць!»

— Пойдзеце, — сказаў Хрыстос, — а нас тут, безабаронных, заколюць.

— Цябе? — над усім натоўпам выбухнуў рогат.

Юрась убачыў, як нейкі мужык, падабраўшы ятаган (а ён, выгнуты, сячэ, як вядома, унутраным бокам, нібы серп), разглядае сталь, мацае яе пальцам.

Урэшце мужык радасна ўхмыльнуўся, схіліўся і пачаў спрытна рэзаць ятаганам траву: здагадаўся, да чаго ён прыдатны.

І тады Хрыстос зразумеў — утрымаць не ўдасца. Значыць, як бы цяпер ні шукалі, як бы ні ганяліся (а цяпер будуць ганяцца ўтрапёна, як за зверам, таму што пасля падвойнага разгрому ён страшны ім) — давядзецца ўцякаць, хавацца недзе ў леснічоўках або нават імчаць нагамі за мяжу.

— Добра, — сказаў ён. — Ідзіце, людзі. Чаго ўжо.

Сялім глядзеў на яго поўным трыумфу позіркам. І, нягледзячы на тое, што твар яго быў у зямлі і куродыме, здавалася, што пераможца — ён, а не чалавек, які стаяў на схіле і працягнутымі рукамі (з'явіўся ў яго з нядаўняга часу такі жэст: распасцёртыя да людзей рукі), з раптоўнай чыгуннай стомай і абыякавасцю развітваўся з натоўпамі, якія плылі з поля ў розныя бакі. Яны крычалі да яго радасна, але ішлі хутка. Упэўненыя былі, што з ім нічога не здарыцца, а вось неаплодненая зямля можа адпомсціць.

Сілуэт ягоны на вячэрнім небе быў нібы паніклы. Як быццам стрыжань вынялі з яго.

Урэшце разышліся амаль усе. Пад узгоркам стаялі яшчэ толькі два атрады: адзін — спыненая днямі варта з Міра, уцекачы, усе ў жалезе і з добрай зброяй, хаця і нешматлікія колькасцю, і даволі вялікі мужычы натоўп.

— Ваўкавыскія мужыкі, — сказаў Тумаш.

А Іуда дадаў:

— Адпусціў — дарэмна.

— Чаму? — спытаў Братчык.

— Думку аб сяўбе кінулі шаптуны. І, здаецца, ці не з таго-ткі мірскага загона. І хай мне не дажыць да наступнага кавалка хлеба са шмальцам, калі я не здагадваюся, чыя гэта рука.

— Думаеш, сочаць? — спытаў шляхціц.

— Мала таго. Ведаюць, што зямля кліча.

— Кінь, — сказаў Братчык. — Зараз усё адно.

Сядала халаднаватае сонца. Трохі зызнулі без агнёў і чакалі чагосьці людзі пад узгоркам.

— Дурань ты, — сказаў Фама. — Асёл, раменныя вушы. А што, калі пастка?

— До, — паказаў на натоўп Юрась. — Хопіць крыві. Калі ўжо яна іх нічаму не навучыла.

І тут зарагатаў мурза:

— Вось! Вось табе і канец дарогі тваёй, Бог. Успомні Джанібека, што прайшоў ужо лязом райскага моста, што цяпер ляжыць сярод гурый! Магло ў нас быць такое, каб, перамогшы, адразу думаць, ці не давядзецца аддаваць Алаху душы свае? — Ён захлынаўся. — Ых-ых-ых!… Дзівам выдзер перамогу, чарадзействам, а не мужнасцю. Алаху пажадалася.

Хрыстос не вытрымаў. Зноў нібы прыдбала хрыбет, выпрасталася спіна.

— Нешта ў цябе, мурза, памяць каціная. Часта ж ён вам здраджвае, Алах. Часта ж мы чарадзействам вас пабівалі. Забылі, як вы, Кіеў узяўшы, на нас, беларусцаў, ішлі?! Як тады пад Крычавам просты мужык Іванко Мядоўнік з раццю сваёй вас гнаў?! І як мы вам яшчэ пад Крутагор'ем наклалі?! Памятай цяпер. Але ты на нас больш не пойдзеш.

— Заб'еш? — нахабна спытаў Сялім. — Ну-ну. Мы смерці не баімся.

73
Перейти на страницу:
Мир литературы

Жанры

Фантастика и фэнтези

Детективы и триллеры

Проза

Любовные романы

Приключения

Детские

Поэзия и драматургия

Старинная литература

Научно-образовательная

Компьютеры и интернет

Справочная литература

Документальная литература

Религия и духовность

Юмор

Дом и семья

Деловая литература

Жанр не определен

Техника

Прочее

Драматургия

Фольклор

Военное дело