Хрыстос прызямліўся ў Гародні - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч - Страница 59
- Предыдущая
- 59/111
- Следующая
Галава ягоная ўпала. Жанчына ўжо абвісла, відаць, учадзеўшы. Сівы маўчаў.
На твар Хрыста лепей было не глядзець. Па твары Фамы відаць было, што ён зусім адурэў. Вочы заплюшчаныя, кулакі сціснутыя. Пасля ён з надзеяй расплюшчыў вочы — слупы былі на месцы.
І тут раптам залямантаваў гаспадар:
— Дык я ж з руплівасці! Я ж з дбайнасці! Няўжо і мне адплата?!
— І табе, — няголасна сказаў Хрыстос. — Не агаворваў бы, каб верыў чыста.
Гаспадар нібы толькі тут заўважыў яго і ўспомніў аб абяцанні:
— Хрыстос! Ратуй мяне! Р-ратуй мяне, Хрыстос!
— Ісцінна кажу табе, сёння ж уздадуць табе па жаданнях тваіх, — ціха паўтарыў шкаляр.
— Я ж ча-ла-ве-ек!
Раввуні не мог больш цярпець гэтага. Ён паглядзеў на Юрася і жахнуўся: вочы ў шкаляра былі бязлітасныя.
— Успомніў, — сказаў Хрыстос. — Свіння бачыць зоры толькі, калі ёй пнуць у рыла.
Падбег сабака, радасна паглядзеў на вогнішча, панюхаў, заматляў хвастом.
— Хрыстос, — натужна сказаў Фама. — Я зараз не вытрываю. Я збыдлеў. Зараз забрашу, на ўсе чатыры стану і…
— К-куд-ды? — схапіў яго Братчык. — Табе нельга. Ты… чалавек.
Фама відавочна вар'яцеў. Вар'яцеў і апошні жывы на вогнішчы, шляхціц. І раптам ён, відаць, знайшоў дзеля сябе нейкі выхад, пакуль не згасне прытомнасць:
— Божа, калі ты ёсць! Намучыў ужо, до! Аддаю табе душу маю!… У раі, то ў раі. А ў пекле, то ў пекле — на ўсё твая воля. Толькі змясці ты нас разам, каб не клялі мы цябе… Адзіных, што дзеля мяне… А я дзеля іх… Сябра майго… Дачку… Мяне… Курачку-бялютку. Няпраўда гэта, што душа ў яе маленькая і небессмяротная… Яна дзеля… больш, чым многія… Курачку не забудзь!
У наступны момант пан Коцкі перастаў быць.
…Раўло, круціла, несла. Агонь разгараўся ўсё зырчэй, і страшна было думаць — чаму? Страшна і няварта. А ад сталоў манатонна бубніў і бубніў голас:
— Святога апостала нашага Паўлы да яўрэяў пасланне…Хрыстос адчуваў, што ён памірае. Знікла сонца.
— Яны загінуць, а ты застанешся; і ўсе абвятшаюць, як рыза…
Знікла сонца.
— Бо як сам ён выцерпеў… так можа дапамагчы і тым, каго спакушаюць…
Цемра стаяла ў вачах.
— Таму што Бог наш ёсць агонь, які паядае.
Ірваўся, ірваўся ў неба агонь.
РАЗДЗЕЛ ХХVІ ЧОРНАЯ ІМША
Ратуй нас, Божа, ад сатаны і басурманаў,
А яшчэ больш ад папы і патрыярхаў.
Сярэдневяковая прыказка
Гетэ
Ноч для іх была страшная. Яны не пажадалі і на хвіліну застацца ў злашчаснай вёсцы і сышлі прэч. Хацелі былі дабрацца да мястэчка, да суседняй вёскі, хаця да якоганебудзь жытла, ды збіліся з дарогі, блукалі ў непрасвяцімай цемры па хмызах, змакрэлі і закалелі ад расы.
Урэшце ім удалося знайсці нейкую лагчынку. Па тым, як трашчала пад нагамі, зразумелі: лаўжы, сухастой. Сяк-так наламалі сушняку, расклалі вогнішча. Пры ягоным маленькім святле справа пайшла весялей, і хутка зароў, зашыпеў зыркі агонь.
І ўсё ж ім брыдка было сядзець каля самага цяпла. Яны з занадта вялікай свежасцю памяталі, што можна зрабіць з кожным Божым блаславеннем, нават гэтым.
І ніхто з іх не захацеў есці. Смажыць мяса было вышэй за іхнія сілы. Нават вышэй за сілы Піліпа з Віфсаіды і Якуба Зеведзеева. Пры адным успаміне брала дрыготка агіды. Таму яны задавальніліся святлом, здалёк падкідаючы ў полымя сушняк.
А калі агонь разгарэўся яшчэ больш — яны агледзеліся і зразумелі, што трапілі з агню ў полымя.
Яны сядзелі на старых, відаць было па ўсім — закінутых, могілках. Пахілыя, замшэлыя крыжы, каменныя пліты, укрытыя зялёнай коўдрай моху, тоўстыя абрэзкі магутных бярвенняў на ўсю магілу, з «галубцамі», прыбітымі да іх. Пліты ўлежку, пліты перагорнутыя, пліты пахіленыя, пліты старчма. І на ўсім гэтым — разліў імхоў, а над усім гэтым — сухія дрэвы.
Паўсюль нейкія ямы, разбураныя капліцы, праваленыя магільні. Відаць, тут добра пагаспадарыла нечая рука, што не звыкла саромецца або даваць справаздачу перад іншымі ў сваіх учынках.
За іхняй, маленькай, лагчынкай ляжала вялікая, абкружаная даволі стромымі схіламі. На ёй, па краях, цьмяна былі відаць рэшткі якіхсьці фундаментаў. Вакол вялікай лагчыны таксама цямнелі нейкія камяні, расла высокая трава (пэўна, на месцы былых градак ці кветнікаў). Але ўсё гэта густа зарасло даволі ўжо вялікім лесам. Лес быў цёмны, але сям-там у ім мёртва бялелі высахлыя шкілеты былых садовых дрэў.
Яны памёрлі ад глушыні і бязлюддзя і вось бялелі далей і бліжэй, абкружалі лагчыну і падступалі да яе. Нібы вычварныя распяцці. Нібы дзесяткі пачварных прывідаў.
Страшна было глядзець на гэта, і людзі зменшылі вогнішча да маленькага агеньчыка, які асвятляў толькі іхнюю лагчынку, дзесятак крыжоў і пліт у іхнім маленькім котлішчы.
Знясіленыя, яны нікуды не ў змозе былі ісці, спаць не маглі таксама і вырашылі сяк-так перачакаць у гэтым месцы ноч.
Гаварыць таксама нікому не хацелася. Толькі пасля вялікай паўзы Тумаш сказаў:
— Калі палілі іх, я ўсю веру прызваў, каб зніклі слупы — куды там, чорта бяспятага! Стаяць, як стаялі. Куды ён вядзе нас, Бог?
— Вядзе, — сказаў Іуда. — А куды — не ведаю.
— Наперад, — буркнуў Хрыстос. — Пад узброенай аховай, каб часам не паварацілі, куды не трэба.
І зноў доўгае маўчанне. Але Тумашу было відавочна нясцерпна. На адхоне ўстаў ягоны доўгі цень.
— Божа, — з тугою сказаў Фама. — Ну вось я ўсю веру сваю прызаву. Ствары дзіва. Скажы, што не адна дрыгва перад людзьмі. Намякні, што не вечна адвечнае свінства. Зрабі нейкі знак.
Ён напружыўся і непрытомна сціснуў кулакі. І раптам… па небе з шыпеннем, раскідваючы іскры, прамчаў вялізны агнявы метэор. Фама ўсім задам сеў на зямлю. Змаху, як падсечаны.
— Свят, свят, свят.
І тут, яшчэ раней за падзенне Фамы, ускочыў Хрыстос.
— Агонь… — толькі і паспеў прахрыпець ён. — Аггонь.
Ненатуральна вялікія вочы з надзеяй сачылі за нябеснай праявай. Ён працягнуў да яе рукі.
Метэор нібы спыніўся над голай градою далёкіх узгоркаў. І адразу рассыпаўся на іскры, што ўпалі ўніз і згаснулі ў цямноцці.
Павольна апусціліся рукі Хрыста.
— Нябесны камень, — сказаў ён. — Плюнь, Фама. Багна наперадзе. Пра нас даўно забылі на небе. Лічаць, што ў нас — рай.
Захутаўшыся ў плашч, ён сядзеў, нагадваючы вялізную хворую птушку са зламанымі крыламі. Увесь як жывая беспрытульнасць.
Пасля пачаў пагойдвацца, нібы ад болю. Пасля пачаў бязладна гаварыць:
— Спаганеная, згаджаная зямля… Нашто тут быці, чыстаму?… Агеньчык у цямноцці… Агеньчык у самоце… Д'яблу аддадзеная… Памерці б — забаронена… Трэба ісці і паміраць, калі даў згоду жыць.
Усе глядзелі на яго з жахам.
— Царства фарысеяў… Труны схаваныя, над якімі людзі ходзяць і не ведаюць таго… Гора вам, што забіваеце пасланнікаў… Гора вам, хлусам… І вам, законнікам, гора, што накладаеце на людзей ёрмы нязносныя… Гора вам, што будуеце магільні прарокам, якіх забілі бацькі вашы.
Твар у яго быў такі безнадзейны, што Магдаліна ўскрыкнула:
— Кінь… Страшна!
Толькі тут Юрась нібы апрытомнеў. Гледзячы ў зямлю, глуха сказаў:
— Даруйце. Ніхто з вас не ведае, як гэта цяжка, калі цябе не разумее ніхто. Тут і звар'яцець нядоўга. — І дадаў са змрочнай усмешкай: — Заўтра пайду і павешу генеральнага камісарыя. Або злаўчуся і… усю святую царкву. Мне можна. Я цяпер — як вар'ят. Святы… як яго там… Гальяш з мядзведзямі на бязлюдным востраве.
— Кінь, мілы, — упершыню паспагадала Магдаліна. — Як ты жыць будзеш?
— А, як жыву. Маўчы, Магдзя.
— Ну добра, ну ёсць злыя пастыры, злыя законнікі.
І тут раптам Хрыстос узвіўся.
— Ёсць?! Ты добрых сярод іх пашукай! Дзе яны?! Смурод суцэльны ўсе справы іхнія! Запалохалі, загадзілі… Вы тут сядзелі, а я надпісы на помніках чытаў! Я іх да смерці не забуду! Няма даравання зямлі, дзе нават пра нябожчыкаў так пішуць, пра тых, пра каго хлусіць нельга… І пісалі, і хвастом круцілі. І ўсё адно кімсьці знішчана вёска. Могілкі!
- Предыдущая
- 59/111
- Следующая