Выбери любимый жанр

Хрыстос прызямліўся ў Гародні - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч - Страница 53


Изменить размер шрифта:

53

Аб Мялшцінскім многія чулі. Гэта сапраўды быў самазванец, які няўдала выдаў сябе за месію. Месіі ў той час раслі як грыбы.

— Мана! — сказаў Братчык. — Ісцінна я — Хрыстос.

— Калі ён Хрыстос, — звярнуўся да натоўпу сотнік, — хай прылюдна створыць дзіва.

Юрась маўчаў. На гэты раз яго, здаецца, сапраўды спаймалі. На гэты раз не выкруцішся. Усё. Маўчаў і натоўп.

У гэты момант Хрыстоў позірк упаў на сляпых, што сядзелі ля аднаго воза. Страшныя буграватыя верхнія павекі, безудзельныя твары. Магчыма, вырвуць вочы і яму.

І тут ён здзівіўся. Адзін са сляпых, карыстаючыся, што на яго ніхто не звяртае ўвагі, ва ўсе вочы глядзеў на беспарточнага гандляра, на сотніка і на яго, Юрася.

З радасцю адчуваючы, як вяртаецца жыццё, Юрась непрыкметна паказаў яму залаты (якое шчасце, што яго не праелі!) і спытаў вачыма:

«До?»

«До», — апусціў «сляпы» вочы і пачаў шаптаць нешта суседу, чалавеку такога ж бандыцкага выгляду, як і ён.

Ноздры Хрыстовы раздзімаліся. Ён ускінуў галаву, і ў прыціхлы натоўп ударамі сякеры ўпалі словы:

— Будзе цуд!

Кірмаш замёр. На сотнікавым твары было непаразуменне.

— Прывядзіце мне… ну, хаця б унь тых сляпых.

Людзі кінуліся да калек, узнялі іх і на руках даставілі да Юрася. Натоўп глядзеў са свяшчэнным жахам на бугрыстыя, відаць, ад старых язваў, павекі. Сумнення не было.

— Але найперш я хачу спытаць у іх, ці хочуць яны зрабіцца відушчымі? На такі паскудны свет, можа, лепей і не глядзець… Людзі, хочаце вы пачаць бачыць?

— Бацюхна, — застагнаў першы, — ратуй. Дзеці малыя! Хоць пару год. Білі мяне людзі пана Жабы карбачом па галаве.

Народ змоўк. Ён не ведаў, што гэта круцялі, але свята ім верыў, занадта ўжо звычайныя рэчы яны казалі:

— Дзеля цябе выпаліла мне вочы ў маскоўскім паходзе.

— Божа! — лямантаваў трэці. — Дзеля цябе ў катоўні мне святлом у вочы цэлы тыдзень білі.

Натоўп ашчацініўся. І тут, разумеючы, што справа пакуль ідзе не на карысць сотніку, папы пачалі галасіць.

— Не слухай, люд наваградскі… Гэты ерэтык, а не Хрыстос!… Злодзей!… Схапіце! Выдайце святой службе. Не выпрабоўвайце Бога гуслямі чарнакніжнымі… На прэнг іх!

Нехта стаў перад імі:

— А я табе, папоўскае адроддзе, зараз дам, то ты і азадак небу пакажаш. Не перашкаджай. Хрыстос ці не — самі вочы маем. А сляпых не руш — бачыш, павекі якія? Ды ці не ў цябе яшчэ ў катоўні, дамініканская ты падла, яго і асляпілі.

Людзі моўчкі насоўваліся на раснікаў. Запанавала маўчанне.

Юрась шапянуў Тумашу:

— Ну, брат, калі выблытаемся, я ім пакажу. Думаў яшчэ, ці рабіць нам той фокус. А раз яны, царкоўныя пацукі, так з намі — ну, мы ім…

— Прабач, люд наваградскі, — у цішыні сказаў дамініканец.

— То ж бо… Давай, чалавеча.

Хрыстос схіліўся, чарпануў з-пад ног гразь і левай рукой узяў «сляпога» за руку. Залаты перайшоў «сляпому», і той моўчкі схіліў галаву: «До». І тады Хрыстос мазануў гразёю ўсіх трох па вачах.

— Ідзіце. Абмыйцеся. Будзеце бачыць святло нябёсаў… Людзі, адвядзіце іх да ручаіны, пакіньце на хвіліну адных.

Каб ён ведаў, якую памылку ён ледзь не дапусціў, ён бы пахаладзеў. Але ўсё, на шчасце, абышлося добра.

…«Сляпыя» ўмыліся ля крыніцы.

— Во халера, — сказаў адзін. — Як плюхнуў па вачах! А што, хлопцы, калі мы зараз яго кінем ды ўцячом? Залаты ў нас.

— Не кажы, — сказаў той, што глядзеў на Юрася. — А раптам дагоняць. Скажуць, ён вас вылечыў, а вы замест падзякі яго — на прэнг. Не, брат, давядзецца вярнуцца.

— Дый гразь нейкая смярдзючая, — сказаў трэці.

— Нічога, — сказаў ініцыятар. — Мы з яго за гэтую гразь ды за тое, што не ўцяклі, лішнія залатыя возьмем.

— Бедны, — сказаў першы.

— Чорт з ім. Ды яшчэ і з гледачоў здзяром. Пайшлі. Вымай гарох.

Яны вынялі з-пад павек пакладзеныя туды палавінкі гарошынак, праміргаліся і, заплюшчыўшы вочы, пайшлі назад.

Карніла з тупой іроніяй глядзеў на бадзяг. Убачыў, што сляпыя набліжаюцца, што вочы ў іх заплюшчаныя, і ўсміхнуўся:

— Што, выкручвацца хацеў? — не памагло?

Сляпых падвялі. Юрась перахрысціў іх.

— Бач! — загадаў ён. — Глядзі на Бога ў славе ягонай!

Сляпы «з цяжкасцю» прыўзняў павекі.

— Пане Божа, — крануліся шэптам вусны. — Бачу… Бачу, Пане Божа… Сузіраю светлы твар твой!

Зірнуў на сотніка:

— А гэта што за багабрыдкае рыла?

Сотнік разгубіўся. Два другія былыя слепакі глядзелі на яго з кепска прыхаванай агідай.

— Чорт, — сказаў адзін.

— Ясна, што сатана, — сказаў Раввуні. — Толькі рогі пад валасамі.

Два мешчаніны падышлі да сотніка.

— Н-ну, рыла. Гэта як жа? На Бога руку ўзняў. Саўл, пачэ калу смярдзяй.

Карніла наліўся барваю. Вырваў меч.

— Ці-ха, хлопы!

Гэта ён зрабіў дарэмна. Наваградскім мяшчанам, як і ўвогуле тагачасным мяшчанам, зброяю пагражаць не варта было. Рык натоўпу дайшоў да шалёнай раз'юшанасці. Гулка лопнуў аб галаву Карнілы пусты гаршчок. Коннікі пацягнулі з піхваў мячы. І тут белае, сіняе, чырвонае, золатавалосае, стракатае ад доўбняў, кіёў, кордаў, кляўцоў і дзід мора кінулася на іх з усіх бакоў. Паляцелі дзежкі, паленні, зафырчалі ў паветры бручыны.

Спалоханыя крыкам, аслепленыя, коні ярыліся і ўставалі дыбам, а потым чуйдух прабіліся праз натоўп і паляцелі прэч. Наўздагон ім для постраху пусцілі з дзесятак стрэл. Магдаліна ў адчаі глядзела на шалёныя ўцёкі латнікаў, ведала, што раней чым праз пару дзён (і то, узяўшы падмацаванне ў Любчы) Карніла сюды не вернецца. Ведала, што Хрыстос цяпер нагострыць адсюль лыжы, і, значыць, зноў дарогі, самыя глухія, дзе нават галубіных станцый няма, значыць, трэба ісці і кінуць Ратму.

Каб яна ведала, што гэтая акалічнасць уратуе яе, яна думала б іначай. Але яна не ведала і таму пайшла глухімі вуліцамі да замка, каб, магчыма, развітацца з Ратмам і ўзяць клетку з галубамі ў запас. Клетку яна атрымала, але хлопца не ўбачыла. Вартавы сказаў груба:

— Ідзі-ідзі. Ён пад замком.

— За што?

— Ну, значыцца, добрых спраў нарабіў.

Гэтая вестка напоўніла яе трывогай. Што такое магло здарыцца? Няўжо за начную прыгоду? А можа, ён усё адкрыў бацьку? Ну не, не можа ж ён быць такі дурны, каб вось так адразу. Усё гэта трэба было доўга рыхтаваць…Яна не ведала, што Радша і выявіўся менавіта такім «дурным». Ашалелы, звар'яцелы ад шчасця, кахання і цягі, ён адкрыў бацьку Мартэлу, што з нявестай у яго ўсё скончана, што ён не хоча з-за земляў быці пасмешышчам і вырашыў ажаніцца з другою. Бацька ўрэзоньваў яго, што ўсё гэта лухта, што радавітыя не гаспадары сабе, што, ажаніўшыся, можна пасля мець хаця сто палюбоўніц. Юнак ашалеў. І тады ваявода загадаў узяць яго пад замок.

Ёй было вельмі трывожна, і нейкае нібы прадчуванне мучыла, і цягнула, і смактала пад сэрцам.

…Між тым агульны энтузіязм дасягнуў апагея. Юрась бачыў, што на другім канцы плошчы ўжо стаіць над ручной каляскай, застаўленай закаркаванымі пляшачкамі, жаўтазубы Баўтрамей. Чакае, і твар — як кепская трагічная маска. І яшчэ Хрыстос бачыў, што ніхто да яго не падыходзіць, усе глядзяць на іх, і, значыцца, фокус пакуль выгарае. Усё ішло добра.

І тут да яго зноў падышлі два былыя слепакі. Народ сустрэў іх сяброўскімі крыкамі.

— Ну як, сталі бачыць? — спытаў ён.

— Але, — выскаляўся той, што ўзяў манету.

— То добра, ідзіце з мірам, — дружалюбна сказаў Хрыстос.

— Мір не танна дастаецца, — шапнуў мазурык. — Давай яшчэ тры залатыя.

Яны шапталіся з ласкавымі ўсмешкамі на вуснах. Народ з замілаваннем глядзеў на гэтую сцэну.

— Няма ў мяне больш. Слова. Пасля, можа…

— Крыкнем, — сказаў сляпы.

— А я вось зараз таксама крыкну, — сказаў Пятро, — што вы за вылячэнне яшчэ і грошай просіце. Тады вам жыва вочы выб'юць, а другога Хрыста — дай вам Бог, галубочкі, дажыць да яго з'яўлення.

Братчык з кранаючай пяшчотай абняў іх:

— Ідзіце да д'ябла, улюбёныя браты мае. Пакуль не пасыпаліся зоркі з вачэй вашых. Не хацелі па-добраму пачакаць. Страшыце? Копну вам у зад.

53
Перейти на страницу:
Мир литературы

Жанры

Фантастика и фэнтези

Детективы и триллеры

Проза

Любовные романы

Приключения

Детские

Поэзия и драматургия

Старинная литература

Научно-образовательная

Компьютеры и интернет

Справочная литература

Документальная литература

Религия и духовность

Юмор

Дом и семья

Деловая литература

Жанр не определен

Техника

Прочее

Драматургия

Фольклор

Военное дело