Выбери любимый жанр

Дзікае паляванне караля Стаха - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч - Страница 23


Изменить размер шрифта:

23

Я забыўся на ахмістрыню, на холад, на ўсё. Гэтую таямніцу я павінен быў вырашыць неадкладна. І я рушыў туды. А яна плыла, плыла ад мяне, і тут толькі я заўважыў, што вялікае акно ў калідоры напалову адчынена. Яна ступіла на нізкі падаконнік і знікла. Я дабег да акна, выглянуў і нічога, нічога не пабачыў, быццам нехта смяяўся з мяне. Кут дома быў, праўда, зусім недалёка, але карніз быў, усё той самы вузенькі карніз. Я ўшчыкнуў сябе за руку — не, я не спаў.

Я так быў уражаны гэтым новым здарэннем, што ледзь не прапусціў вяртання ахмістрыні. Тая ішла са свечкай, трымаючы ў руцэ нейкі аркуш паперы. Я прыціснуўся ў нішы дзвярэй, яна прайшла паўз мяне, не заўважыўшы, пасля выглянуў і пабачыў, што яна спынілася ля акна, пахітала галавою і, мармычучы нешта, зачыніла яго.

Пасля пайшла па сходах па першы паверх.

І што ёй трэба было тут, на другім паверсе? Я пайшоў быў да сябе, але раптам спыніўся і ціхутка пастукаў у дзверы пакоя Яноўскай. Чым не жартуе д'ябал, а раптам гэта ўсё ж была яна? Я сказаў шэптам:

— Надзея Раманаўна, вы спіце?

У адказ я пачуў соннае мармытанне.

Я вярнуўся ў пакой і, не запальваючы свечкі, сеў на ложак. Мяне калаціла ад холаду, а чэрап проста разломваўся ад розных супярэчлівых думак.

РАЗДЗЕЛ СЁМЫ

Калі мы наступнага дня гулялі з ёй у алеі, я расказаў ёй пра здарэнні мінулай ночы. Можа, мне і няварта было рабіць гэтага, не ведаю, але я ніяк не мог пазбавіцца думкі, што тут нешта нячыста з ахмістрыняю. Яна не здзівілася, паглядзела на мяне вялікімі рахманымі вачыма і адказала павольна:

— Бачыце, а я ў гэту ноч так перахвалявалася за вас, што спачатку не спала, а потым заснула так моцна, што нават нічога не чула. Няварта вам уставаць уначы, пане Беларэцкі. Калі што-небудзь здарыцца, я гэтага сабе не дарую… А наконт ахмістрыні вы памыляецеся. Уласна кажучы, яна можа хадзіць паўсюль, я не датрымліваюся старых правіл, што ахмістрыня можа прыходзіць на другі паверх толькі тады, калі яе клічуць. Тут самае жахлівае не яна, а Блакітная Жанчына. Зноў яна з'явілася. Неадменна здарыцца нешта дрэннае.

І з суровай мужнасцю дадала:

— Хутчэй за ўсе гэта будзе смерць. І я маю ўсе падставы думаць, што памру я.

Мы сядзелі ў старой альтанцы, закінутай глыбока ў зарасніках. Камень ад старасці ўвесь аброс мохам, які пасля апошніх дажджоў молада зазелянеў. Пасярэдзіне альтанкі стаяла мармуровая дзеўка з адбітым вухам, і па твары яе поўз слімак. Яноўская паглядзела на яе і сумна ўсміхнулася:

— Вось так і мы. Брыдота запусцення наша жыццё. Вы казалі, што не зусім верыце ў тое, што гэта здані. Я з вамі не згаджаюся. Але хоць бы і так — што мяняецца? Ці не ўсё адно, ад каго пакутаваць, калі пакутаваць трэба, трэба скупляць грахі.

— Вы іх скупілі гэтымі двума гадамі, — пачаў я. Але яна не слухала мяне.

— Людзі грызуцца, як павукі ў банцы. Шляхта памірае. Калісьці мы былі моцнымі, як камень, а зараз мы… ведаеце, калі раскалоць камень са старога будынка, у ім будуць слімакі. Невядома, чым яны там жывяцца, але варта стукнуць такі камень, як ён разваліцца. Так і мы. І няхай стукаюць хутчэй.

— І не шкада вам гэтай прыгажосці? — павёў я рукою вакол сябе.

— Не, толькі б хутчэй. Я, наогул, даўно гатова знікнуць разам з гэтым гняздом і не шкадавала б ні яго, ні сябе. Але з некаторага часу я заўважыла, што мне робіцца трошкі шкада жыцця. Напэўна, яно не такая дрэнная штука, як я думала. Напэўна, і ў ім ёсць сонца, сябры, пушыстыя дрэвы, смеласць і вернасць.

— Гэта вельмі добра, што вы так думаеце.

— Не, гэта вельмі дрэнна. У сто разоў горш паміраць, любячы жыццё, ніж так, як я меркавала памерці раней. Раней жах быў звыклым станам маёй душы, зараз ён ператвараецца ў штосьці такое, чаму няма наймення, чаго я не жадаю. І ўсё таму, што я пачала трошкі верыць людзям. Не трэба гэтай веры, не трэба надзеі. Лепей так, як раней. Гэта і спакойна.

Мы памаўчалі, яна нахіліла сабе на калені жоўтую напаўабляцелую галінку клёна і гладзіла яе.

— Людзі не заўсёды хлусяць. Я вельмі ўдзячна вам, пан Беларэцкі, за гэта. Вы павінны мне прабачыць, я чула вашу размову са Свеціловічам, чыстай, добрай душой, адзіным, акрамя вас ды, можа, яшчэ дзядзькі, чалавекам у гэтай акрузе. Дзякую за тое, што не паўсюль на зямлі людзі з плоскімі галовамі, тоўстым чэрапам і чыгуннымі мазгамі.

— Дарэчы, пра Дубатоўка. Як вы лічыце, ці не павінен я адкрыцца яму, каб разам узяцца за выкрыццё гэтай поскудзі?

Веі яе ўздрыганулі.

— Не трэба. Гэты чалавек трыста разоў даказваў сваю адданасць і вернасць нашаму дому, ён добры чалавек, ён не даў Гарабурдзе падаць да сыскання наш вэксаль яшчэ пры бацьку і зрабіў гэта не зусім дазволеным шляхам: вызваў яго на дуэль і сказаў, што ўсе сваякі яго будуць вызываць Гарабурду да таго часу, пакуль справа не скончыцца для яго дрэнна. Але менавіта таму я і не жадаю, каб ён умешваўся. Ён занадта гарачы, дзядзечка.

Вочы яе, прамяністыя і ціхія, заблішчалі раптам.

— Пан Беларэцкі, я даўно жадала сказаць вам нешта. Пасля ўчарашняй нашай размовы, калі вы кляліся, я зразумела, што чакаць нельга. Вы павінны пакінуць Балотныя Яліны, пакінуць сёння, самае позняе заўтра, і ехаць у горад. Хопіць. Адспявалі скрыпкі. У свае правы ўступае смерць. Вам няма чаго рабіць тут. Едзьце. Пакіньце гэты забруджаны стагоддзямі дом, гнілых людзей, іхнія злачынствы таму, што да іх пасуе: ночы, дажджы. Вы занадта жывы для гэтага. І вы чужы.

— Надзея Раманаўна! — залямантаваў я. — Што вы кажаце! Мяне ўжо называлі тут чужынцам. Ці мог я чакакаць, каб і з вашых вуснаў даляцела да мяне тое самае жорсткае слова? Чым я заслужыў яго?

— Нічым, — суха сказала яна. — Але позна. Усё на свеце позна прыходзіць. Вы занадта жывы. Ідзіце да свайго народа, да тых, хто жыве, галадае і смяецца. Ідзіце перамагаць. А мёртвым пакіньце магілы…

Я раззлаваўся да непрытомнасці:

— А вы не мой народ? А гэтыя людзі, запалоханыя і галодныя, гэта не мой народ? А Свеціловіч, якому я павінен буду здрадзіць, гэта не мой народ? А гэтыя праклятыя Богам балоты, дзе чыніцца мярзота, гэта не мая зямля? А дзеці, якія плачуць уначы, пачуўшы пошчак капыт дзікага палявання, якія дрыжаць ад жаху ўсё жыццё, гэта не дзеці маіх братоў? Як вы смелі нават прапанаваць мне такое?!

Яна ламала рукі:

— Пане Беларэцкі… Няўжо вы не разумееце, што позна абуджаць да жыцця гэтую мясцовасць і мяне? Мы стаміліся спадзявацца, не абуджайце нашай надзеі. Позна! Позна! Няўжо вы не разумееце, што вы адзін, што вы нічога не зробіце, што пагібель ваша — гэта будзе жахліва, гэта будзе непапраўна! Я не дарую сабе гэтага. О, каб вы ведалі, якія гэта жахлівыя здані, якія ненажэрныя да чужой крыві!

— Надзея Раманаўна, — сказаў я холадна, — ваш дом — моцная крэпасць. Але калі вы гоніце мяне, я пайду ў менш надзейную, але не пакіну гэтай мясцовасці. Зараз трэба або памерці, або перамагчы. Памерці — калі гэта здані. Перамагчы — калі гэта людзі. Я не паеду адсюль, не паеду нізавошта на свеце. Калі я перашкаджаю вам — іншая справа. Але калі ваша просьба выклікана толькі тым, што вы баіцёся за мяне, не хочаце рызыкаваць маёй скурай, — я застаюся. Урэшце, гэта мая скура, і я маю поўнае права карыстацца ёй, як сам захачу. Разумееце?

Яна паглядзела на мяне разгублена, са слязьмі на вачах.

— Як вы маглі нават падумаць, што я не хачу бачыць вас у гэтым доме?! Як вы маглі падумаць? Вы мужны чалавек. Мне спакойна з вамі. Мне, нарэшце, добра з вамі, нават калі вы такі грубы, як зараз былі. Шляхціц так не сказаў бы. Яны такія гжэчныя, вытанчаныя, так хаваюць свае думкі. Мне так апрыкрала гэта. Я хачу бачыць вас у гэтым доме, я толькі не хачу бачыць вас такім, як учора, або…

— Або забітым, — падхапіў я. — Не хвалюйцеся. Больш вы мяне такім не пабачыце. Зброя са мною. І зараз не я ад іх, а яны ад мяне будуць бегаць, калі хоць кропля крыві ёсць у іхніх бясплотных жылах.

Яна ўстала і пайшла з альтанкі. Ля самага ўвахода пастаяла хвіліну спіной да мяне, павярнулася і, гледзячы ўніз, сказала:

23
Перейти на страницу:
Мир литературы

Жанры

Фантастика и фэнтези

Детективы и триллеры

Проза

Любовные романы

Приключения

Детские

Поэзия и драматургия

Старинная литература

Научно-образовательная

Компьютеры и интернет

Справочная литература

Документальная литература

Религия и духовность

Юмор

Дом и семья

Деловая литература

Жанр не определен

Техника

Прочее

Драматургия

Фольклор

Военное дело