Выбери любимый жанр

Чорны замак Альшанскі - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч - Страница 70


Изменить размер шрифта:

70

І цяпер плаціўся за гэта.

— Вы хто? — удаючы поўную безмяцежнасць, спытаў я.

Ён маўчаў. І раптам на цёмнай пляме аблічча цьмяна праявілася белая падкова. Невядомы ўсміхаўся.

— Урэшце можаце і маўчаць. Я ведаю і так.

Іхнія паставы лепей за ўсе словы казалі аб тым, што гэтаму майму веданню я і абавязаны гэтым начным спатканнем і што яно не можа не скончыцца для мяне кепска. Бо майго маўчання аб гэтых ведах нельга было купіць, але можна было здабыць, перастрэўшы вось так на вузкай сцежцы. Яны і перастрэлі. І гэта была не першая іхняя спроба здабыць маўчанне за кожную цану.

— Здароў, Ганчаронак, — кіўнуў я, пакасіўшыся на таго, што падыходзіў ззаду. — І ты здароў, Высоцкі, — гэта пярэдняму. — Што, спакой абрыднуў аматару «ціхага жыцця»?

— Ну, здароў, — гэта працадзіў урэшце першыя свае словы Высоцкі. — Добрай ночы, Косміч.

— Наўрад ці яна будзе добрая.

— І тут ты не памыляешся, — з лянотным спакоем сказаў ён.

— Дарэмна вы задумалі, хлопцы. Дарэмна распачалі. Маё маўчанне ўжо нічога не каштуе. Я парушыў яго. І калі са мной нешта здарыцца — тыя людзі зробяць свае высновы. І на гэты раз хістацца сабе не дазволяць. Марудзіць не будуць.

— А нам не трэба. Гэта не здабыццё маўчання, — азваўся Ганчаронак. — І нават не зусім помста. Проста падвядзенне ітогаў. Ты зрабіў сваю справу, прывёў нас да табой жа адкрытага сховішча. А ўжо ўскрыць яго — тут нам цалкам хопіць твайго маўчання да раніцы. Гэта для нас яно будзе — да раніцы. Для цябе яно будзе на неакрэслены час. Нават калі разлічваць на трубу архангела.

— Для вас яна таксама ўструбіць, — сказаў я. — Хутчэй, чым спадзеяцеся.

— Гэта мы, як кажуць, яшчэ паглядзім, — сказаў Ігнась.

— Ну дык што, — прапанаваў я, — прысядзем ды пагаворым.

— Цягнеш? — гэта Ганчаронак. — Выгандлёўваеш пару хвілін? Не дапаможа.

— Не, не цягну. Проста пастараемся наталіць вашу і маю цікаўнасць. Узаемна. Цікава ж, праўда, як працавалі нашы галовы?

— Твая скора працаваць не будзе, — сказаў Ганчаронак.

— Кінь, — перарваў Высоцкі, — і сапраўды цікава. А часу нам хопіць, нават зашмат будзе. Патрэбнае нам можна і перахаваць лёгка. Астатняе хай гарыць.

— А тое, што патрэбна не табе і мне?

— Можа, і знойдзецца. А можа і згарэць, хрэн з ім… Сапраўды, давайце сядзем ды ціхамірна пагаворым.

І ён паказаў мне на вельмі высокі валун узбоч сцежкі.

Самі яны селі на два ніжэйшыя, каб мець большую за мяне свабоду ў рухах. Начная капа нечысці пачалася.

— Ну вось і пагаворым, — ляснуў сабе па калене Высоцкі.

Сеймік быў, як кажуць, невялічкі, але вельмі пажондны. У двух яго ўдзельнікаў (я быў упэўнены ў гэтым) акрамя перавагі грубай фізічнай сілы — можа, не такой ужо і вялікай перавагі — з поўнай пэўнасцю можна было знайсці ў кішэнях нажы, а ў кагосьці, можа, і сімпатычны маленькі кастэт, а ва ўнутраных кішэнях пінжакоў або пад пахай — пісталеты.

— Пачынай, — нібы прыспешваючы, сказаў Ганчаронак.

— Пачну, — сказаў я. — Пачну з таго, што калі нават і не на сто працэнтаў, але я ведаю вашу гісторыю, ваша мінулае. Як? Лічыце, што спачатку гэта былі проста няясныя здагадкі. Я не ведаю, якім чынам вы даведаліся аб кнізе і таямніцы, схаванай у ёй. Але вы ведалі. Магчыма, яшчэ з часоў вайны, з часоў апошняга Альшанскага. На жаль, вы не здолелі прысутнічаць пры фінале трагедыі і дакладна не ведалі, дзе і што ў дадатак да старога скарбу схаваў апошні князь. Таму што ў справу ўмяшалася гестапа, якое хавала архіў, і айнзацкаманда, якая хавала нарабаванае. І тая і тая арганізацыі размясцілі свае схованкі ў небяспечнай блізкасці да старадаўняга скарбу. Ім здалося, што больш надзейнага месца не знойдзеш. І яны не былі схільныя інфармаваць старонніх, ды яшчэ тутэйшых, адкрываць ім свае таямніцы. Наадварот, прыхаваўшы ад вас вашыя ж справы, яны прымусілі вас застацца тут надзейнымі вартаўнікамі сваіх каштоўнасцей і ў выпадку чаго абаронцамі іх, бо вы заадно баранілі свой спакой і сякую-такую будучыню… На такую неспадзяваную непрыемнасць, калі нехта пачаў бы шукаць і капаць.

Яны пераглянуліся.

— Але гаспадары не выжылі. Стары Альшанскі хуткім чынам памёр. Кніга знікла невядома дзе. Вы не маглі і падумаць, што яна закінутая на гару ў хаце дзеда Мультана, дзе яе знайшоў Пташынскі. Затое ў вас была надзея, што не ўсё згублена, пакуль кніга невядома дзе, а нават і знойдзеная дасць мала карысці таму, хто знайшоў. Бо яму трэба здагадацца аб існаванні шыфраванага паведамлення, раскрыць яго і… гэтага мала, мець у руках рэчавы прадмет, без якога, як лічыў старадаўні князь, дый вы таксама, расшыфроўка таямніцы немагчымая. Ні ён, ні вы не падумалі, што, маючы на плячах хаця нейкае падабенства галавы, можна абысціся і без наяўнасці рэчы.

— Якой рэчы? — праціснуў праз зубы Ганчаронак.

— Я шмат над гэтым думаў. Выпадак дапамог мне, а вы сваімі паводзінамі падмацавалі маю здагадку. Гэта «мед», медзь, гэты таўкач у вас, Ганчаронак. І ступа, якая, я амаль упэўнены, у вас, Высоцкі. Што ж вы не склалі сваіх набыткаў у адну агульную скарбніцу? Баяліся, не давяралі адзін аднаму. Збіраліся шантажаваць адзін аднаго агульным няпэўным мінулым?

— Брэшаш, — сказаў Высоцкі.

— Чаму брашу? Вы проста не знайшлі кнігу. Так супалі абставіны. Непатрэбныя былі ні злачынствы, ні новыя і новыя вашы ахвяры.

— Тут ты зглупіў, — сказаў Ганчаронак. — Мы з часам здагадаліся, што ты нейкім незразумелым чынам зрабіў звышнатуральнае, хаця меў у руках толькі трэць таямніцы. Нам заставалася толькі сачыць за табой.

— І з некаторага часу вы здагадаліся, куды вядзе мяне ў гэтым лабірынце мая ніць. І тады я стаў непатрэбны. І тады вы пачалі рабіць шматлікія спробы. Вам цяпер трэба было абавязкова прыбраць мяне з дарогі. Каб не перашкаджаў. Адной была спроба закідаць мяне камянямі падчас «дуэлі ліхтароў». Другой — напад чатырох (здагадваюся, хто былі астатнія два, і здагадваюся, чаму яны сёння не тут). І трэці замах, які ледзь не скончыўся поспехам. Абвал.

— Чацвёрты ўвянчаецца, — сказаў Ганчаронак.

Я цягнуў. Бессаромна цягнуў. Выйсця для мяне амаль не было. Была толькі слабая надзея, што нехта прыйдзе ў «плябанію». Да мяне. Што можа нехта спахапіцца, і мяне пачнуць шукаць. Мне трэба было, як мага затрымаць іх, каб ім менш засталося часу да раніцы. Калі гэта зараз узыходзіць сонца? Гм, недзе а палове чацвёртай. Заставаліся нейкія тры з невялічкім гакам гадзіны.

Трэба было як мага ратаваць справу, калі я ўжо не мог уратаваць сваё жыццё. Ратаваць справу, за якую налажыла галавою столькі людзей.

Мне дужа не хацелася кідаць перадчасна гэты лепшы са светаў (ці лепшы, калі па ім швэндаецца такая сволач?), але як ужо такое было кімсьці прадвызначана, то я хацеў быць апошнім, які заўчасна яго кіне.

Каб пасля мяне болей — ніхто.

Свет быў да краёў заліты абыякава-прыўкрасным святлом поўні. Лагчына, у якой мы сядзелі, да краёў, аж з коптурам, перапоўнена цёмным прысмеркам. І справа ад сябе бачыў я чалавека з тварам, які быў пасечаны дробнай сеткай зморшчын і з вушамі вялікімі, як у Буды, а злева — другога, вялізнага і моцнага, які з лянотнай грацыяй разваліўся на камені.

— Вы лічылі, што, калі разнесяце мур каля вежы, вам лягчэй будзе забрацца ў яе сутарэнні. Пад шумок. То адны разбіраюць, то вы. І вось Ганчаронак з усім уласцівым яму шармам пераконвае старшыню ва ўсёй мэтазгоднасці зачыніць мячэць і зрабіць у ёй свінюшнік.

— Якую мячэць?

— Ну, прабіць запасны ўваход у замкавы двор і зрабіць у ім даржнік, скацінны двор… А тут я, з фотаапаратам. І нават старшыню напускаць на мяне не трэба, каб самім застацца ўбаку. Старшыня сам на ражон лезе. Дошку ж ахоўную знялі. Закону няма бурыць, а тут — на гарачым… Невялічкая, але непрыемнасць. А тут яшчэ два Іванавічы, што яму на гэтым краязнаўстве даўно вушы аб'елі. А вам з гэтым іхнім «Ведай свой край» ды «Ніхто не забыты, нішто не забыта» і пагатоў. Бо вам якраз і трэба было, каб людзі менш ведалі свой край і трывала забылі пра некаторых тыпаў і іх учынкі.

70
Перейти на страницу:
Мир литературы

Жанры

Фантастика и фэнтези

Детективы и триллеры

Проза

Любовные романы

Приключения

Детские

Поэзия и драматургия

Старинная литература

Научно-образовательная

Компьютеры и интернет

Справочная литература

Документальная литература

Религия и духовность

Юмор

Дом и семья

Деловая литература

Жанр не определен

Техника

Прочее

Драматургия

Фольклор

Военное дело