Выбери любимый жанр

Чорны замак Альшанскі - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч - Страница 64


Изменить размер шрифта:

64

— Т-так, мужыкі тут сур'ёзныя. Дзіва — волаты.

Мы спусціліся на дно майго раскопу ў трэцяй вежы. Шэсць плоскасцей, шэсць кутоў. Столь, падлога другога яруса, часткова абвалілася, як і частка ўнутранай абліцоўкі муроў.

Вежы шасцікутовыя,

Звонку — шасцікантовыя.

Я памурлыкаў гэта сабе пад нос, але яна пачула, пакасілася на мяне.

— «Поэзия есть бог в святых мечтах земли», — працытавала яна кагосьці.

— Гэта яшчэ што, — у тон ёй сказаў я. — Тут часам людзі з Алімпа, мэтры з устойлівай рэпутацыяй, неўміручыя такія шэдэўры выдаюць, што пачаткоўцам-паэтам і не снілася. Напрыклад, нехта там узрасціў…

Лён рэкордны ля Валожына

І за тое ўзнагароджаны.

Не верыце? Сам чытаў. А памер верша такі, нібы рэкордны лён узрасціць, усё адно як «Калінку» адбацаць. Даюць браткі.

— Ну, дурасць — прывілегія не толькі братак. Ведаеце гэтыя помнікі вайне: стаіць на адным калене гіпсавы салдат, пафарбаваны «срэбнай» фарбай з алюмінію? Адной экспедыцыі іх трэба было апісваць, у якой вёсцы і на якім раздарожжы які. А яны аднолькавыя, дзе тут разнастайных варыянтаў апісання дабіцца. То яны адзін прыдумалі:

Солдат обыкновенный,

Коленопреклоненный,

Проект типовой -

Со склоненной головой.

— І сапраўды, лепей бы проста камень з надпісам, чым гэтыя «тыпавыя».

Яна агледзела месца нашага «глыбокага бурэння»:

— Ну досыць зубаскаліць. Пачнем.

Под вежы быў завалены, па ўсім відаць, ужо нятоўстым пластам друзу, абабітай атынкоўкі і смецця, і ў пласце гэтым стаялі «на папа» (адна крыху наўскос) тры гранітныя пліты. Адна, відавочна, з абліцоўкі, дзве — са столі.

— Мы іх не зварухнем, — сказала яна. Сапраўды, пліты былі прыблізна паўтара метра на метр з чвэрцю. І шырынёю сантыметраў на шэсцьдзесят.

— Не зрушым, — паўтарыла яна. — Збегаць па хлопцаў, ці што?

— А прыярытэт? — няўдала паспрабаваў я адбіцца жартам. — Не, мы проста іх чапаць не будзем. Выграбем смецце ды нават проста адграбем яго ад сценак. Бо люк у сутарэнне, відаць, недзе пасярэдзіне. Калі пліты на ім — нічога не зробіш, давядзецца паклікаць дапамогу. А не — яны нам не перашкодзяць, тыя пліты.

Гадзіны паўтары мы ўпарта працавалі. Яна насыпала жалезняком у дзіравыя вёдры смецце і друз, а я адносіў усё гэта і высыпаў пад сценкі. Пасля мне здалося, што ўсё гэта марудна. Я ўзяў другую рыдлёўку і пачаў проста адкідаць з цэнтра пляцоўкі атынкоўку, уламкі цаглін, пыл і ўсё такое.

І вось недзе ў канцы другой гадзіны мой жалязняк скрыгануў па нечым суцэльным. Раз, і другі, і трэці.

…Атвор. Ну не адкрыты атвор. Проста квадратная адтуліна, і на ёй, амаль поўнасцю прыкрываючы яе, тоўстая пліта з гладкага, па выгляду ледзь не адшліфаванага пясчаніку. А на пліце крыж з чатырма закругленымі лопасцямі, а ў лопасцях па незразумелай (бо зямлёю забітай) літары. А на скрыжаванні лопасцей стары шасціканечны ярылаў крыж пад «дашкам» як на старажытных могілках. На стараверскіх «галубцах».

Тут бы лом, але куды там бегчы па яго. Нецярплівасць забівае нават подых: мы дыхаем коратка і сіпата.

Прасоўваем у шчыліну лапаты. Націснулі. Дзяржак Сташчынага жалезняка крыху прагнуўся.

Але тут я, налягаючы грудзьмі на дзяржак рыдлёўкі, прасунуў рукі ў гэтую трэшчыну і перакуліў пліту на сябе, назад, пад шырока расстаўленыя ногі.

Адкрыўся люк. Цёмная прорва. Я чыркнуў запалкай і «стрэліў» ёю ўніз (так яна даўжэй не згарае, чым калі яе проста ўраніць). Скляпенняў і сцен яна не вырвала з цемры. Затое на момант асвятліла нешырокія і вельмі стромыя сходы з чырвонай цэглы.

— Ну вось, — сказаў я. — Цяпер можна і па хлопцаў, і па дзевак.

— А прыярытэт? — перадражніла яна мяне.

Я плюнуў. Гэта праўду кажуць не толькі пра Польшчу, але і пра нашы заходнія вобласці, што на ўсе тыя землі ўвесь адпушчаны богам розум — камар прынёс. Адзін. Дый той розум мясцовыя бабы расхапалі.

З гэтымі не паспрачаешся. Я з уласнай жыццёвай практыкі ведаў гэта.

Таму дастаў свечку (дзве іншыя былі ў кішэні), скінуў куртку і ступіў на першую прыступку.

— Заставайцеся тут.

— Гэта яшчэ чаму? — здзівілася яна.

— А вы пра «эфект сабачай пячоры» ў Італіі чулі?

— Якой пячоры?

— А ёсць там пячора-яма. Чалавек зойдзе і ходзіць, і нічога. А сабака ці трусік падыхаюць праз некалькі хвілін.

— Чаму гэта?

— З вулканічнай трэшчыны выдзяляецца вуглякіслы газ. Сочыцца патроху. Ну а паколькі ён цяжэйшы за паветра, то застаецца ўнізе. Чалавечая галава вышэй гэтай зоны. Сабачая — не.

— Самі казалі — вышэй. Мы ж на чатырох хадзіць не будзем. І потым, там вулкан…

— А тут маглі быць трупы. І ніякай, нават мінімальнай вентыляцыі. І слой газу можа быць вышэйшы. І тады ўжо будуць гаварыць пра «эфект чалавечай пячоры ў Беларусі». Толькі гаварыць будуць іншыя, не мы. А нам застанецца слава першапраходцаў. Пасмяротная.

Але яна ўжо таксама стаяла на прыступках, нагіналася:

— Ды не, нармальнае паветра. Затхлым не пахне.

— Ад затхлага паветра ніхто яшчэ не паміраў. Ну, можа, некаторыя.

— То што?

— А тое, што вуглякіслы газ затхласцю не пахне… Калі хочаце, ён адзіным пахне. Смерцю.

— Па-мойму, вуглякіслы газ гэта не зусім тое, што вокіс вугляроду. Ён — вугальны ангідрыд.

— Божа, да чаго ж вы вучоныя! СО ці СО2 — вам гэта будзе ўсё роўна… Мабыць. Бо хімік з мяне такі, як і…

Я спускаўся, і яна спускалася за мною. І я ўжо плюнуў на ўсё. Хай сабе лезе, гадасць такая. Асвятляў толькі прыступкі спачатку сабе, а пасля ў яе пад нагамі, каб часам не капанула носам у цэглу.

І ўсё ж на апошніх прыступках яна аступілася, і я, стоячы на роўнай падлозе, ледзь паспеў падхапіць яе.

Страшэнна я злаваўся на яе, што лезе туды, дзе не просяць (хаця тут было больш бяспечна, чым у нашых старажытных шахтах па здабычы крэменю. Пад Ваўкавыскам. А яна гэты канец неаліту на ўласным жываце ўвесь выпаўзала).

І ўсё ж я не мог устрымацца:

— Пайшлі. Гонару ў вас зашмат. А на справе «кабы мы не поднялись да не встали, так вы бы поганую землю носом копали».

— А гэта што за дыяменты прыгожага пісьменства?

— А гэта калі масквіч выхваляецца і з ніжагародца кпіць, то тыя яму вось так адказваюць. Мініна ўспамінаюць.

— Ну добра, добра, — відаць, сумелася яна. — Свяціце вакол… Мінін.

Я ўзняў свечку і пачаў вадзіць ёю вакол.

Гэта была абсалютна пустая — камера не камера, склеп не склеп, падвал не падвал. Сутарэнне? Памяшканне, каб у ім нешта змяшчалася? Але тут не змяшчалася нічога. Пуста, як у студэнцкай кішэні напярэдадні стыпендыі (я, вядома, маю на ўвазе тыповага, сапраўднага, стопрацэнтнага студэнта).

Падлога з вялізных каменных плітаў. Муры і скляпенне нібы слаёныя з тоўстых пластоў дзікага каменю і вузейшых палосаў цэглы.

Па форме — падоўжаны эліпсоід вярчэння (усярэдзіне яго мы і знаходзіліся) з усечаным ніжнім канцом. Ну, а прасцей — яйка, якое аблупілі, зрэзалі адзін канец і на гэты канец паставілі. Метраў чатырнаццаць у акружнасці, метры тры з паловаю — у вышыню.

Толькі ў адным месцы (метра паўтара над зямлёй) нейкая цёмная пляма памерам са сшытак. Атвор? Проста так не разгледзіш. Падставіць бы нешта. А што? Спіну Сташкі? Яшчэ чаго не хапала, каб трымала на спіне мой «ледзь не цэнтнер». Падставіць ёй сваю спіну? Яшчэ лепей. «А я ў гэтага доктара на спіне стаяла ды прыскоквала». Урэшце глупства. Падстаўлю, як трэба.

І унь, вышэй, амаль пад скляпеннем, яшчэ адна пляма.

Ясна, рабіць тут няма чаго.

— Ну што ж, — сказаў я, — ставайце мне на спіну, вось вам свечка. Зірніце, што там за такое цямнее, і вэк адсюль. Як бачыце, мы памыляліся. Праўдзівей, я памыляўся.

Расчараванне на яе абліччы было такое, што шкада глядзець.

— Можа, абстукаць падлогу? Муры.

— Дарэмна. Відаць адразу. Будоўля-векаўшчына.

Я стараўся не глядзець у яе бок. І вельмі шкада. Мог бы глядзець і не глядзець, бо ўсё ўжо было ўсё роўна.

Я пачуў нейкі шолах зверху. Пасля з гары праз люк папоўз, звіваючыся, як пітон, тоўсты, шэры, нейкі абрыдліва жывы струмень друзу, атынкоўкі і пяску.

64
Перейти на страницу:
Мир литературы

Жанры

Фантастика и фэнтези

Детективы и триллеры

Проза

Любовные романы

Приключения

Детские

Поэзия и драматургия

Старинная литература

Научно-образовательная

Компьютеры и интернет

Справочная литература

Документальная литература

Религия и духовность

Юмор

Дом и семья

Деловая литература

Жанр не определен

Техника

Прочее

Драматургия

Фольклор

Военное дело