Чорны замак Альшанскі - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч - Страница 1
- 1/84
- Следующая
Уладзімір Караткевіч
Чорны замак Альшанскі
Раман В.К., якой гэты раман абяцаў дзесяць год назад,з удзячнасцю.
ЧАСТКА I ГРОЗНЫЯ ЦЕНІ НАЧНЫЯ
З чаго мне, чорт пабірай, пачаць?
З таго прадвесня, калі за акном было сутонне і мокры снег?
А што вам да леташняга снегу й сутоння?
Пачаць з таго, хто я такі?
А што вам, урэшце, да мяне, звычайнага чалавека ў вялізным горадзе? І нашто вам мая самахарактарыстыка?
Адразу браць быка за рогі і расказваць?
А якое я маю права на вашу ўвагу? Тое права, што вы заплацілі грошы? Дык мала за якія паршывыя гісторыі людзі плацяць тыя грошы.
Разбягаюцца думкі. Усё тое, што адбылося, — яно ж датычыцца мяне, а не вас. І патрэбна гэта, пакуль тое, не вам, а толькі мне. Хіба толькі мне? Так, пакуль я не раскажу ўсяго, — толькі мне.
Я ведаю, з чаго пачну. Паколькі, да часу, гэта толькі мая гісторыя, я пачну з самаапраўдання. І толькі пасля перайду да таго, хто я такі і што здарылася ў той снежны і мокры сакавіцкі вечар.
І — каб вы не сказалі «а што нам да ўсяго гэтага?» — я абяцаю, што раскажу вам самую дзівосную і неверагодную гісторыю майго жыцця. А — можа, таму, што гэта было са мной, — мне здаецца, што гэта нават самая неверагодная гісторыя, якая толькі адбылася на зямлі Беларускай за апошнюю чвэрць стагоддзя.
Урэшце мяркуйце самі.
Розныя дурныя чуткі ходзяць пра яе, пра маё злачынства, пра той закрыты працэс, на якім я нібыта быў ці то падсудным, ці то сведкам.
Наконт падсуднага — глупства. Не хадзіў бы я на волі, каб быў падсудным. А паколькі справа была звязана з забойствам, з некалькімі забойствамі, то неяк надта ўжо хутка я, падсудны, уваскрэс на гэтай зямлі. Але цень праўды быў у ценю падазрэння, які часова лёг на мяне.
Сведкам я таксама не быў. Быў я дзейнай асобай. Магчыма, занадта дзейнай. Часам болш чым трэба было. Рабіў дурасці — і рабіў разумныя рэчы. Блытаў і ішоў проста да мэты.
Але без мяне «Альшанская таямніца» (нумар справы з часам знойдзеце ў архівах) не была б не толькі развязаная, але не дайшла б і да сярэдзіны развязкі. Ёю проста ніхто не зацікавіўся б.
Цень чуткі, цень плёткі таксама абражае чалавека. І вось цяпер, праз некалькі год, я магу, урэшце, давесці сваё апавяданне да канца, аддаць вам, крыху выстраіўшы і ўпарадкаваўшы, свае даведзеныя (збольшага) да ладу нататкі. Ніхто не супраць, а менш за ўсё я сам. Разблытаны апошні вузел, усё высветлена да яснасці.
Што датычыцца маёй тагачаснай (гэта гісторыя дужа змяніла мяне) натуры, я нічога не правіў. Хай «ён» будзе такі, які быў. Гэта ж «Ён тады перажываў, думаў і дзейнічаў…
Як мяняецца чалавек! Усё новае, і новае, і новае наплывае на душу, новыя думкі, погляд, страсці, туга і радасць — і сам здзіўляешся сабе, колішняму. І шкада сябе колішняга. І немагчыма — дый не хочацца — вярнуць былое.
Я аддаю вам яго, я аддаю вам сябе на суд строгі і бесстаронні.
РАЗДЗЕЛ I ВІЗІТ УСТРЫВОЖАНАГА ЧАЛАВЕКА
Прозвішча маё Косміч. Хрышчаны (гэта ўсё бабця) Антонам. Бацьку, калі хочаце ведаць, звалі Глебам. Маці — Багуславай. Занятак бацькоў да рэвалюцыі? Бацька, скончыўшы гімназію, якраз паспеў на Зялёнага і Махно. Маці — гады тры-як кончыла гуляць у лялькі.
Я даю вам гэтую разгорнутую анкету, каб не гаманіць доўга. Анкету з дабаўленнем міліцэйскага апісання прыкмет. А раптам нешта нараблю. Асабліва пры маёй схільнасці ўблытвацца ў розныя прыгоды, на якія мне да таго ж шанцуе.
Мне трыццаць восем год без малога. Стары кавалер, як казала мая знаёмая Зоя Пярэрвенка, з якой у мяне тады якраз канчаўся — а мабыць, такі канчаўся — кароткі і, як заўсёды, не вельмі ўдалы раман.
Гэткі стары-ы кавалер, які за вайной ды навукай не ажаніўся, а цяперака позна ўжо.
Жыццяпіс гэтага старога кавалера пададзены пункцірам. На два гады раней, чым трэба, скончыў школу. Шчанюком з мокрым пыскам. У сорак першым. Напярэдадні. З выпускным балем, дзяўчынкаю ў белым і вальсам да раніцы. Дурны, збіты, зацяганы дрэннымі пісьменнікамі прыём. Але тут так і было. На жаль і тугу. Таму што той раніцай дзве першыя бомбы ўпалі на паштамт і кінатэатр. Мы з ёю былі ў кінатэатры, так што ўсё гэта здарылася на маіх вачах.
Трос перад ваенкомам пасведчанне аб заканчэнні школы. Пашпарта яшчэ не было. Але паверылі. Быў… здаровая, словам, вымахала доўбня. Узялі.
І сербануў я тут спаўна. Родны гарадок. Адступаем. Над паравым млынам адзіны ўцалелы рэпрадуктар, і з яго бравурны марш. І нараўлянін Каляда, камандзір майго аддзялення, увесь у пыльных бінтах, разануў па ім з аўтамата (мала іх яшчэ тады было, ледзь не адзінкі).
Разануў, «каб не звягав, паразіт».
Тут і скончылася мая ўзнёслая маладосць. Тут, а зусім не тады, калі мы прыкрывалі адыход нашых і Каляду забілі, а мяне, засыпанага зямлёй, узялі ў палон. Было гэта паўночней Оршы.
Я ўцёк з эшалона пад Альберцінам. І тут жа ў Слоніме ледзь зноў не трапіў… Уратаваў мяне дзядзька Здзіслаў Крыштафовіч. Як толькі яго ні хвалілі: «паслугівач, і падбрэхіч, і…»
Немцы пасля, у канцы сорак другога, павесілі яго, харошага чалавека, у вёсцы пад Слонімам.
І добра хаця тое, што ўжо дзесяць год стаіць яму ў той вёсцы помнік.
Вось так, сябры.
Партызанка. Зноў армія. Моцна зранены ля Патсдама. Дэмабілізаваны.
І пачалі мяне тут ва ўніверсітэце вучыць «уму маразму». У пяцьдзесят першым атрымаў дыплом, у пяцьдзесят чацвёртым аспірантуру скончыў. Дзіўлюся, як ад усёй гэтай навукі не стаў непапраўным дубам. Дысертацыю абараніў па «шашнаццатаму» стагоддзю. Дзеячы рэфармацыі. Гуманісты.
Стаў кандыдатам, спецыялістам па сярэдневяковай гісторыі, неблагім палеографам. Напісаў некалькі дзесяткаў артыкулаў, тры манаграфіі — можна і доктарам рабіцца.
Збіраюся. Вось-вось.
«Малады таленавіты доктар гістарычных навук».
Цьху!
Асобныя прыкметы:
Светлы шатэн, вочы сінія, нос сярэдні, рот — шчылінаю ў паштовай скрынцы на галоўпаштамце, морда — сумесь варага з познім неандэртальцам, рукі граблямі, ногі доўгія, нібы ў палескага злодзея.
Спартыўныя дадзеныя:
Сто дзевяноста адзін сантыметр росту, восемдзесят дзевяць кілаграмаў вагі. Плаванне — першы разрад, фехтаванне — другі — а каб вы спрахлі! Адносіны да баскетбола? Мог бы і ў баскетбол. Але на першай трэніроўцы нехта выцерся аб мяне потнай спінаю. Разумееце, не рабочы пот, не жаночы, а з рэзкага паху, валасатага цела, якое ледзь не сплывала тлушчам… Кінуў гэтую справу. Грэблівы занадта.
Футбола не люблю. У гімнастыцы — нуль. Не ведаю, ці здолею пятнаццаць разоў падцягнуцца на турніку.
Вось, здаецца, і ўсё, што цікавіць людзей.
Ф-фу-у!
А наконт таго, чым дыхаю, што толькі маё, дык гэта росшукі ў мінулым. Акрамя вышэйпамянёных прац напісаў яшчэ некалькі, накшталт… ну строга абгрунтаваных, дакументальных гістарычных дэтэктываў, ці што.
Некаторыя з'явіліся ў часопісах. Некаторыя яшчэ чакаюць: «Злы лёс роду Галынскіх», «Забойства ў Дурынічах» і г.д. Калі вось гэтая гісторыя вас зацікавіць, я, з часам, пазнаёмлю вас і з тымі.
Смешна? І праўда, смешна. Навуковы работнік і, раптам, пінкертонаўшчына ў мінулым. Мне таксама смешна. Затое — цікава.
І вось пісаў, пісаў я — хутчэй ад жадання перамагчы пачуццё сваёй непаўнацэннасці, бо пісьменнік з мяне нікудышны, — гэтыя творы папулярнага цяпер жанру; пісаў, беручы замест таленту ўменнем разабрацца ў блытаніне актаў, фактамі і логікай. Пісаў і не ведаў, што ў той вечар лёс — цераз аднаго ўстрывожанага чалавека — ублытае мяне ў сапраўдны дэтэктыў.
У той брыдкі сакавіцкі вечар я якраз рыхтаваўся да работы. Шчыра кажучы, не цярпелася дарвацца да яе: многія месяцы я займаўся не тым, чым хацеў.
Для мяне гэтыя першыя хвіліны — ледзь не найбольшая асалода ў жыцці. Метадычна раскласці на стале рэчы: чыстая папера — справа, злева — месца для спісанай. Справа крыху далей — вымытая да рыпення попельніца. Ля яе нечапаны (абавязкова нечапаны!) пачак цыгарэт. Дзве ручкі запраўлены чарнілам. На падаконні злева свежазмолатая кава ў герметычным слоіку і кававы апарат. На стале ані парушынкі.
- 1/84
- Следующая